Аляксей Пысін — Небывалы ўзняўся дом

Паміж хвояў пад кустом
Небывалы ўзняўся дом.
Сто ўваходаў, сто дзвярэй
для дарослых і дзяцей.

Сто паверхаў, сто падлог,
каля дому тупат ног.
Ад зары і да зары
тут працуюць жыхары.

– Гэй, з дарогі, дайце шлях,
дуб нясу я на плячах!
Хто з калодай, з бервяном –
тупацяць мурашкі ў дом.

А ў калысках у цішы
спяць малыя мурашы.

Падобныя старонкі