Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-разанаў:алесь-разанаў-спадчына

Гэта старая версія дакумента!


Алесь Разанаў — Спадчына

Калі яна цяжар – тады яна крылы,
калі яна вярэдзіць – тады яна гоіць,
калі яна знясільвае – тады дае сілу…

– Аднак з гэтаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба, – перасцерагае мяне першы анёл.
– А без яе зноў упадзеш у мінулае, – перасцерагае другі.

Я іх абодвух разумею.
Пісягі і апёкі на маім целе.
Віхуры клічуць мяне падужацца.
Зямля – частка мяне.
I агністыя мечы анёлаў пільна ўзіраюцца ў маю душу.


Крыніца: Разанаў А. Вастрыё стралы: Версэты, паэтычныя мініяцюры. – Мн.: Маст. літ., 1988. – 159 с.

Аналіз верша.
Верш «Спадчына» (1988) – версэт, і яго структура мала чым адрозніваецца ад іншых твораў гэтага жанру. Твор складаецца з чатырох кампазіцыйных частак. У першай, уступнай, гаворыцца пра значнасць спадчыны для чалавека: пры пэўнай умове яна набывае адпаведную ўласцівасць і аказвае на чалавека пазітыўнае ўздзеянне:

Калі яна цяжар – тады яна крылы,
калі яна вярэдзіць – тады яна гоіць,
калі яна знясільвае – тады дае сілу…

Для разумення ідэйнага зместу гэтага верша вельмі важным з’яўляецца першы радок, у якім увага аўтара акцэнтуецца на тоеснасці паняццяў: «спадчына», «цяжар», «крылы». Логіка першапачатковых разважанняў не дазваляе чытачу пагадзіцца са сцвярджэннем паэта, бо, як вядома, цяжар цягне да зямлі, а крылы атаясамліваюцца з палётам, адрывам ад зямлі. Алесь Разанаў як мастак слова змадэляваў іншую сітуацыю, рамантычна-ўзнёслую. Далучанасць да ўласнай спадчыны акрыляе чалавека духоўна, бо ў паняцце «спадчына» ўкладваюцца не толькі матэрыяльныя каштоўнасці, якія ўзважваюцца ў тым ліку і ў фізічным сэнсе. «Спадчына, – пісаў А. Разанаў у аднайменных аналітычных нататках, – спалучана з рэчамі, але ніколі не зводзіцца да сумы рэчаў».
Другая частка версэта змяшчае звернутыя да лірычнага героя перасцерагальныя рэплікі:

Аднак з гэтаю ношкаю ты не здолееш уступіць на неба…
А без яе зноў упадзеш у мінулае…

Лірычны герой не спрачаецца з анёламі – ён іх «разумее». Як паступіць – выбар за ім. Ён змагаецца з самім сабой, і змаганне гэта доўжыцца ў часе, бо на целе відаць «пісягі» (загоеныя шрамы ад былых ран) і «апёкі». На барацьбу героя клічуць «віхуры» – сімвалы свабоднага палёту, валадары паднябеснай прасторы, маніць і «зямля» – частка чалавека, з якой ён створаны.
Паэт не раскрываў вынік барацьбы: толькі ў апошнім сказе верша акцэнтаваў увагу чытача на агністых мячах, скіраваных на «душу» лірычнага героя. У адной са сваіх філасафем творца пісаў: «У спадчыны дзве ўстойлівыя ардынаты: яна пастаянна мінулая і пастаянна сучасная. Сваёю існасцю яна знаходзіцца ў гісторыі, але сваёю істотнасцю – у чалавечых душах». У версэце «Спадчына» аўтар запрасіў чытача далучыцца да яго разважанняў і прыйсці да ўласнай высновы.

Падобныя старонкі

творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-спадчына.1755963665.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki