Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-купала:янка-купала-спадчына

Янка Купала — Спадчына

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.

Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

І тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.

І ў белы дзень і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.

Жыве з ім дум маіх сям’я
І сніць з ім сны нязводныя.
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.

Падобныя старонкі

творы/янка-купала/янка-купала-спадчына.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:13 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki