Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-гарун:алесь-гарун-у-чатырохлецце-нашае-нівы

Гэта старая версія дакумента!


Алесь Гарун — У чатырохлецце "Нашае Нівы"

Ты, мой брат, каго зваць беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэта скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.

Ў старыну беларус, не падданы,
Гаспадарыў, быў сам над сабою
I далёка ў свеце быў знаны
За літоўскай і ляшскай зямлёю.

Але час прамінуў, і нядоля
На народ, як бы камень, звалілась,
Беларуская слава і воля
Адышла, адцвіла, закацілась.

Не змяняючы шэрай апраткі,
Працаваў ты, як вол, гаратліва,
А ў хаце тваёй недастаткі,
А на ніве тваёй неўрадліва.

А чаму? Ты не здольны, ці хворы,
Ці благі гаспадар, ці п’яніца?
Мусіць, не! Бо і іншым у пору
У цябе гаспадарыць наўчыцца.

Светлы розум твой, брат, але дзетак
Ад цябе, як і ўсё, адбіралі
I на бацькаўскі родны палетак
Працаваць-памагаць не пушчалі.

Хто хацеў, той і смеў рабаваці,
Без прыпросу з’язджаліся госці –
Абдзіраць, аб’ядаць, апіваці
І крышыць гаспадарскія косці.

Можа б, ты і памёр і загінуў,
Каб не вешчая мова Баяна.
Хто ж быў добры, яе хоць пакінуў?
Як жа так, што яшчэ не забрана?

Бо што бачылі госцікі-герцы –
І зямлю, і лясы, і кілімы, –
Ўсё забралі. А мову ў сэрцы,
Ў сваім сэрцы хавалі-няслі мы.

Дык шануй, беларус, сваю мову −
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы!


1910

1. У творы паэт увасабляе думкі пра выключна важную ролю роднай мовы ў адраджэнні народа і пра цесную сувязь яе з нацыянальным і сацыяльным вызваленнем. Алесь Гарун палымяна заклікае братоў-беларусаў шанаваць родную беларускую мову.
Верш прысвечаны чатырохгоддзю «Нашай нівы», мае апавядальна-эпічны характар і акрэслівае гісторыю роднай мовы ў неаддзельнасці ад нацыянальнай гісторыі беларускага народа. Паэт у першых радках звяртаецца да брата-беларуса не цурацца свайго скарбу:

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.


Родная мова патрэбна для духоўнага вызвалення народа. Паэт паказвае беларуса-працаўніка, які заўсёды заставаўся змагаром.

2. Толькі адзін скарб застаўся незабраны ў народа – яго родная культура, нацыянальная спадчына.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,
Гэты скарб нам адзін захаваўся,
У сялянскай аграбленай хаце
Толькі ён незабраны астаўся.


3. Іншыя народы будуць паважаць нас за тое, што мы збераглі ў цяжкія для краіны гадзіны сваю мову, культуру:

Дык шануй, Беларус, сваю мову –
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы.


4. Антытэза (супрацьпастаўленне) дапамагае адчуць вастрыню паднятага паэтам пытання.
5. Заклікі, звароткі, эпітэты надаюць вершу публіцыстычны завостраны характар, шчырасць.
6. Ідэя твора – выключная роля мовы ў жыцці народа. Паэт падкрэслівае, што любыя матэрыяльныя здабыткі нічога сабой не ўяўляюць, калі народ губляе сваю культуру.

Можа б, ты і памёр, і загінуў,
Каб не вешчая мова Баяна.

Падобныя старонкі

творы/алесь-гарун/алесь-гарун-у-чатырохлецце-нашае-нівы.1755963662.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki