Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-гарун:алесь-гарун-начныя-думкі

Алесь Гарун — Начныя думкі

Часам я ўночы сны дзіўныя бачу:
Роіцца нейкі нязведаны край,
Повен то шчасця, то жаласці, плачу,
То зло-хмурлівы, то светлы, як рай.

Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна;
Туліць у слёзах матуля сынка;
Сцелецца пушча глухая і цёмна;
Косці з магілы глядзяць бедака…

Бачу я: жоўтае жытняе поле
Коласам ціха шуміць-шалясціць;
Межы, курган векавечны і хвоя;
Каня з аднэю малітваю «піць».

Траўка ў ляску ў цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой;
Птушка шчабеча – людзей пацяшае;
Льецца крынічка, плюскоча вадой.

Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі смяюцца, пяюць,
Кветкі купальскай шукае бяздольны;
З зеллем шаптухі паціху снуюць…

Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным,
Хочацца край той абняць з прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!

Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці з табою,
Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць.

Дай мне купальскую кветку ў рукі,
Путы жалезныя мне развяжы,
Дай ты мне зелля на гора і мукі,
К шчасцю гасцінец мне дай, пакажы!

Ціха. Нічога не чую, не бачу.
Роіцца толькі нязведаны край,
Повен то шчасця, то жаласці, плачу,
То зло-хмурлівы, то светлы, як рай…

1908

Падобныя старонкі

творы/алесь-гарун/алесь-гарун-начныя-думкі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki