Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:алесь-гарун:алесь-гарун-матчын-дар

Алесь Гарун — Матчын дар

Як радзіла маці мяне ў цёмну ночку,
Дык дала скрыпіцу: «На, іграй, сыночку!
Грай сабе на шчасце, грай на добру долю,
Грай на век даўгуткі, грай на вольну волю».
Помню, дзіцянёткам з тугой я не знаўся,
Жыў, як тая птушка, граў і забаўляўся;
Дзень мне быў спакойны, ўночы сон бязгрэшны,
А цяпер застаўся я навек няўцешны.
Ой, чаму ж, матуля, жыцце-скрыпку дала,
Як іх шанаваці дый не навучала?
Гэта ж падзівіся — я адкрыцца мушу,
Што сапсуў скрыпіцу, што згубіў я душу.
Здаўна, сівакрыла, шчасця я не маю,
Долі я не бачу, радасці не знаю.
Граю, праўда! граю… А на сэрцы важка,
А у сэрцы больна, аж трываці цяжка.
Тыя не прыходзяць песні-весялушкі,
Як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі.
Жаль з нудой заплачуць, глуха як зайграю…
Маю я скрыпіцу, а душы — не маю!


1913

Падобныя старонкі

творы/алесь-гарун/алесь-гарун-матчын-дар.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki