Сатыра

Сатыра (ад лад. satura - сумесь, усялякая ўсячына) —
1. Прынцып мастацкага адлюстравання, заснаваны на выкрыцці паасобных адмоўных жыццёвых з'яў. У той час, як у гумары адмоўнае, смешнае ў жыцці паказваецца ў нязлобна-дабрадушным, жартоўным тоне, у сатыры мы сустракаемся з вострым асмяяннем гэтых з'яў.
Адмаўляючы негатыўнае, праводзячы «у царства ценяў аджылае» (М. Салтыкоў-Шчадрын), сатыра тым самым сцвярджае пазітыўнае, станоўчае. Сцвярджэнне гэта адбываецца з вышыні пэўнага грамадскага ідэалу, што выяўляе пазіцыі мастака.
Сатырычныя вобразы і малюнкі ствараюцца пры дапамозе завастрэння, гіпербалізацыі, гратэска, парадыравання, фантазіі, іроніі. Сатырычны спосаб адлюстравання рэчаіснасці характэрны ў той ці іншай ступені для ўсіх відаў мастацтва (жывапісу, графікі, харэаграфіі, тэатра, музыкі і г. д.). Аднак найбольш плённым ён аказаўся ў літаратуры, абумовіў тут жанравую прыроду многіх эпічных, лірычных, драматычных твораў (рамана, драмы, паэмы, верша), садзейнічаў станаўленню асобных літаратурных відаў і жанраў: камедыі, пародыі, эпіграмы, байкі, памфлета, фельетона, гумарэскі
Сатыра аднолькава вольна карыстаецца як празаічнай, так і вершаванай мовай.
Беларуская сатыра сваімі вытокамі ўзыходзіць да вуснай народнай творчасці (сатырычная казка, песня, анекдот, батлейка). У сярэднія вякі яна прыдала рэзка выкрывальны характар палемічнай літаратуры (творы С. Зізанія, Мялеція Сматрыцкага, Афанасія Філіповіча, П. Скаргі, Х. Філалета, Іпація Пацея і інш.). У XVІ - XVІІ стст. на Беларусі набыў пашырэнне жанр палітычнай сатыры ("Прамова Мялешкі", «Ліст да Абуховіча»). Сатырычна-парадыйнымі творамі «Уваскрэсенне Хрыстова», "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе" распачалася новая беларуская літаратура. Глыбокім сатырычным зместам вызначаюцца драматычныя творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча («Сялянка», «Пінская шляхта»), рэвалюцыйная публіцыстыка Кастуся Каліноўскага, вершы Францішка Багушэвіча ("Бог не роўна дзеле", «Хрэсьбіны Мацюка», «Скацінная апека»), байкі Альгерда Абуховіча («Ваўкалак», «Старшыня»). Асабліва значны ўклад у станаўленне і развіццё розных жанраў беларускай сатыры ўнеслі Янка Купала (камедыя, байка, эпіграма, сатырычны верш), Якуб Колас (сатырычнае апаваданне, сатырычны верш), Ядвігін Ш. (гумарэска). Буйным пісьменнікам-сатырыкам з'яўляецца Кандрат Крапіва. Ён узняў на новую ступень такія жанры, як байка («Дыпламаваны баран», «Жаба ў каляіне»), камедыя ("Хто смяецца апошнім", «Мілы чалавек»), сатырычны верш («Будуйце лазні!», «Язычок», «Член»). Заслужанай вядомасцю карыстаюцца творы беларускіх сатырыкаў - камедыі Андрэя Макаёнка, Алеся Петрашкевіча, асобныя байкі У. Корбана, Э. Валасевіча, сатырычныя вершы Пімена Панчанкі, Максіма Танка, С. Дзяргая, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, пародыі Г. Юрчанкі і інш.;
2. У вузкім значэнні - сатырычны верш, у якім у здзеклівай, саркастычнай форме выкрываюцца найбольш небяспечныя заганы грамадства і асобных людзей.
Такія сатыры у свой час пісалі Янка Купала («Ворагам Беларушчыны», «Слугам алтарным») і Якуб Колас («Мікалаю ІІ», «Канстытуцыя»). Яны сустракаюцца і ў іншых беларускіх паэтаў - Кандрата Крапівы («Добра насабачыўся»), Петруся БроўкіЗвадыяш»), Пімена Панчанкі («Мастадонт») і інш.