Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


слоўнік:рытмічная-схема

Гэта старая версія дакумента!


Рытмічная схема

Рытмічная схема — схема, на якой паказаны характар чаргавання націскных і ненаціскных складоў у вершарадах сілаба-танічнага верша.
Паколькі вершаваны рытм — з’ява мнагастайная, то ніякая рытмічная схема не можа ахапіць усяго багацця рытмастваральных кампанентаў. Аднак яна раскрывае сутнасць аднаго з галоўных кампанентаў, і таму выкарыстанне яе пры вершазнаўчым аналізе (вызначэнне метра, памеру верша, устанаўленне характару рытму) цалкам апраўдана.
Звычайна рытмічная схема графічна ўвасабляецца ў сістэме чаргавання вертыкальных і гарызантальных рысак (ці якіх-небудзь іншых значкоў), дзе вертыкальныя рыскі абазначаюць націскныя склады, гарызантальныя — ненаціскныя. Вось, для прыкладу, верш Аркадзя Куляшова «…Спакойнага шчасця не зычу нікому» і яго рытмічная схема:


Спакойнага шчасця не зычу нікому:
Навошта грымотам маланка без грому,
Навошта ручай без пякучае смагі,
Халодная ўвага, не вартая ўвагі,
Жаданні, што прагныя крылы згарнулі,
Зязюля без лесу і лес без зязюлі.


—|— —|— —|— —|—
—|— —|— —|— —|—
—|— —|— —|— —|—
—|— —|— —|— —|—
—|— —|— —|— —|—
—|— —|— —|— —|—


Найбольш наглядны спосаб паказу чаргавання націскных і ненаціскных складоў сілаба-танічнага верша — рытмаграма, своеасаблівы графік, на якім фіксуюцца колькасныя і якасныя паказчыкі вершаванага памеру. На восі абсцыс адкладваюцца ў належнай паслядоўнасці склады вершаванага радка. Вось ардынат (дзеля зручнасці ад пункта яе перасячэння з воссю абсцыс павернутая ўніз) фіксуе націсковасць або ненацісковасць кожнага склада радка.
Верхнія пункты графічнага «зігзага» паказваюць націсковасць складоў, ніжнія — ненацісковасць.
Рытмаграма верша, які прыводзіўся вышэй, мае наступны выгляд:

rgr.jpg

Памер гэтага верша Аркадзя Куляшова — чатырохстопны амфібрахій. Своеасаблівы графічны выгляд маюць іншыя метры — трохскладовыя (дактыль, анапест) і двухскладовыя (харэй, ямб).
Для нагляднасці ўсе метры сілаба-танічнага верша змесцім на адной рытмаграме ў такой паслядоўнасці: дактыль, амфібрахій, анапест, харэй і ямб. Апрача верша Аркадзя Куляшова, радкі для ілюстрацыі возьмем адпаведна з твораў Якуба Коласа («Родныя вобразы»), Янкі Купалы («Курган»), Цёткі («Мора»), Максіма Багдановіча («Зімой» ). У кожным радку колькасць стопаў аднолькавая — чатыры.

Вобразы мілыя роднага краю…

Спакойнага шчасця не зычу нікому…

Паміж пустак, балот беларускай зямлі…

Бой пачаўся. Войска бога…

Здароў, марозны, звонкі вечар…

rgr2.jpg

Рытмаграма добра адлюстроўвае не толькі метрычны, але і жывы, зменлівы рытмічны малюнак верша. У асобных выпадках яна можа з поспехам прымяняцца і пры рытмічным аналізе некаторых іншых форм верша (дольнік, свабодны верш, акцэнтна-складовы верш).

слоўнік/рытмічная-схема.1755957791.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 14:03 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki