Пасланне

Пасланне - эпісталярна-публіцыстычны твор, напісаны ў форме звароту да нейкай рэальна існуючай асобы (ці многіх асоб). Нярэдка набывае выгляд маналагічнай прамовы-развагі або адкрытага ліста да каго-небудзь. Прычым аб'ект паслання цікавіць аўтара не столькі сам па сабе, колькі той магчымасцю, якую дае ён, каб паразважаць над пэўнымі сацыяльна-палітычнымі, гістарычнымі або мастацтвазнаўчымі праблемамі.
Вытокі беларускага літаратурнага паслання - у сярэдневяковых празаічных творах, такіх, як «Апокрысіс» Xрыстафора Філалета, «Лісты» Ф. Кміты-Чарнабыльскага, ананімныя «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча». З XІX ст. гэты жанр становіцца ледзь не выключна надбаннем паэзіі.
Пасланне сустракаецца ў Яна Чачота («Да мілых мужыкоў'), Вінцэся Каратынскага («Уставайма, братцы!»), Вінцэнта Дуніна-МарцінкевічаДа пачцівых беларусаў'), Кастуся Каліноўскага («Пісьмо з-пад шыбеніцы»), Францішка БагушэвічаНе цурайся»), Янкі Лучыны («Усёй трупе дабрадзея Старыцкага беларускае слова»), Адама Гурыновіча («Дзякуй табе, браце, Бурачок Мацею»), Аляксандра Ельскага («Вінцуку Дуніну-Марцінкевічу').
Росквіт паслання у беларускай паэзіі прыпадае ня пачатак XX ст. У гэты час відавочна пашыраюцца яго сэнсавыя і тэматычныя абсягі, удасканальваецца мастацкая форма. З'яўляюцца вядомыя пасланні Якуба Коласа («Беларусам», «Ворагам», «Сябрам-выгнаннікам»), ЦёткіВам, суседзі«, »Суседзям у няволі«, «Вясковым кабетам»), Максіма Багдановіча («Ліст да п. В. Ластоўскага», «Народ, Беларускі народ»), у якім гучна заяўляюць пра сябе сацыяльныя і нацыянальна-вызваленчыя ідэі, выразны грамадскі пафас.
Асабліва ахвотна да пасланняў ва ўсе перыяды сваёй творчасці звяртаўся Янка Купала, карыстаўся гэтым жанрам некалькі дзесяткаў разоў, прычым у самых розных паводле сваёй тэматыкі і прызначэння творах. Янка Купала вольна адчуваў сябе, бадай, ва ўсіх жанравых разнавіднасцях паслання: сацыяльна-палітычным («Апекунам», «Ворагам Беларушчыны»), грамадска-патрыятычным («Арлянятам», «Беларускім партызанам»), літаратурным («Прывет вам…», «Аўтарцы «Скрыпкі беларускай»), сатырычным («Дэпутату N. N. », «Слугам алтарным»), інтымна-лірычным («Да дзяўчынкі», «Да сваіх думак»), пасланню-інвектыве («Гэй, капайце, далакопы», «Японскім самураям») і г. д. Купалаўскія традыцыі былі плённа развіты беларускай паэзіяй (»Лісты да сабакі» Язэпа Пушчы, «Ліст з палону» Аркадзя Куляшова, «Ліст да маці» М. Сурначова, «Не шкадуйце, хлопцы, пораху» Максіма Танка, «Беларускаму народу» Максіма Лужаніна, «Рускаму брату» Пімена Панчанкі і інш.)