Навуковая паэзія
Навуковая паэзія — жанравая разнавіднасць медытатыўнай лірыкі, аб'ектам якой з'яўляюцца навуковыя тэорыі, адкрыцці, гіпотэзы.
Тэрмін навуковая паэзія ўпершыню ўвёў у літаратуразнаўства французскі пісьменнік Р. Гіль («Трактат пра слова», 1896). Такую паэзію актыўна развіваў і прапагандаваў рускі паэт В. Брусаў — як у тэарэтычных выказваннях, так і ў творчасці («Мир измерений», «Мир электрона» і інш.).
Тэрмін гэты даволі ўмоўны. З большымі падставамі ён можа ўжывацца ў дачыненні да старажытнай і сярэдневяковай літаратуры, дзе вершаванай мовай карысталіся ў гістарычных, філасофскіх, мастацтвазнаўчых і нават прыродазнаўчых трактатах (паэмы Лукрэцыя «Аб прыродзе рэчаў», Верлігія «Георгікі», Буало «Паэтычнае мастацтва»). Аднак і зараз існуе шэраг паэтаў, узброеных сучасным навуковым светапоглядам, для якіх навуковыя дасягненні не толькі гуманітарных, але і прыродазнаўчых навук маюць асаблівую цікавасць, становяцца аб'ектам паэтычнага разгляду, роздуму (Л. Мартынаў, Э. Межэлайціс, А. Суляйменаў, І. Драч і інш.).
Першым з беларускіх пісьменнікаў цікавасць да навуковай паэзіі выявіў Максім Багдановіч. У незакончаным артыкуле «Паэзія геніяльнага вучонага» (1911) ён разважыў пра тое, «чаму б паэзіі і навуцы не ісці рука ў руку», паколькі ў іх «адна і тая ж агульная мэта: задавальненне пазнавальных патрэб чалавека». Беларускі паэт спасылаўся пры гэтым на аўтарытэт Гётэ, «вялікага паэта і буйнога вучонага, паміж паэтычнымі адкрыццямі якога і яго навуковым светапоглядам існуе несумненная сувязь», а таксама — і перш за ўсё — на творы М. Ламаносава, да некаторых з якіх можна прымяніць назву «навуковая паэзія». У сваёй уласнай творчасці аўтар «Вянка» заўсёды ўлічваў поспехі розных навук — археалогіі, гісторыі, біялогіі, фізікі і г. д. Асобныя яго вобразы і нават цалкам вершы ўзнікалі ў выніку знаёмства з тымі ці іншымі навуковымі адкрыццямі (санеты «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі», «Что из того, что стих в душе кипит?», верш «Усплыла грамада сіфанафора» і інш.).
У сучаснай беларускай паэзіі пафас навуковых адкрыццяў ляжыць у аснове асобных твораў Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, А. Русецкага, С. Дзяргая, Алеся Разанава і інш.