Янка Сіпакоў — Твае рукі

Твае рукі, твае рукі нада мною, –
Нібы лебедзі над белаю зімою.
Як ласкава яны кружаць
І са мной па леце тужаць,
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Цяжка, рукі, расставацца з вамі дужа
І без вас мне аставацца паміж сцюжаў…
Не ляціце, рукі, ў вырай,
Нада мной кружыце шчыра –
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Я люблю, як твае рукі нада мною –
Нібы лебедзі над белаю зімою,
Як яны садзяцца міла,
Склаўшы крылы, склаўшы крылы, –
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Калі лашчаць валасы мне твае рукі–
Слухаю, бы песню, я іх рухі.
А яны пяюць шчымліва
І крыляюць палахліва, –
Нібы лебедзі над белаю зімой.

Падобныя старонкі