Янка Сіпакоў — Сонечны дождж

Ён паліўся… Спорны, шчодры.
Церабнуў на промнях коса,
зазваніў са стрэх у вёдры,
на дварэ абмыў калёсы.

Падстаўляюць чашкі кветкі –
хочуць піць пасля спякоты,
а ільнам, бы нам, няўседкі –
ліўнем мыюцца з ахвотай.

Веццем-прыгаршчамі клёны
дажджавыя кроплі ловяць;
як жаніх, стаіць зялёны,
чыста вымыты ядловец.

А пасля дажджовай працы
прыгажосць зямля прыдбала,
нават сонца прыбірацца
ў вясёлку спешна стала.

Падобныя старонкі