Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-купала:янка-купала-явар-і-каліна

Янка Купала — Явар і каліна

Песняй вясны лебядзінаю,

Скінуўшы зімнія чары,

Шэпчуцца явар з калінаю

Ў сумнай даліне над ярам.


Лісцікі зеленяй хваляцца

Небу панятлівай мовай:

Росамі мыюцца раніцай,

Песцяцца сонцам паўднёвым.


Захадам модлы пакорныя

З маткай-зямлёй адпраўляюць;

Тайна у ночаньку чорную

Месяца, зор выглядаюць.


Слухаюць смехаў русалчыных,

Лопату крылляў начніцы,

Ветру павеваў ап’янчаных,

Плюскату шклістай крыніцы.


Чуецца музыка дзіўная

Ў повесцях сонных імшараў…

Цешыцца явар з калінаю,

Скінуўшы зімнія чары.


1910

Падобныя старонкі

творы/янка-купала/янка-купала-явар-і-каліна.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki