Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:янка-купала:янка-купала-сірочая-доля

Янка Купала — Сірочая доля

Цяжка сірацінцы

Адзінокай жыць;

Доля-весялуха

Знікуль не бяжыць.


За хатай і ў хаце

Цярпіць сірата:

То мароз марозе,

То золіць слата.


Бачаць маці, бацька

Роднае дзіцё;

Ўбогую сіротку

Хто ж убача, хто?


Ад брамы да брамы

Йдзе, збірае хлеб,

Ручачку працягне, –

Кожны глух і слеп.


Кожны насмяецца

Над беднаю ей,

Са зрэбнай кашулі,

З лазовых лапцей.


Ой, цярпіш, сіротка,

Ўсё жыццё цярпіш;

Пойдзеш у магілку, –

Хто ж паставе крыж?


Хто, як ляжаш спаці

Навекі ў зямлю,

Пацеры згавора

За душу тваю?


Хіба гэты вецер,

Што ў платах пяе,

Хіба з дажджом хмарка

Слязу праліе.


Хіба ночкай зоркі,

Што ў небе гараць,

Па сіротцы ўбогай

Будуць бедаваць.


1906-1910

Падобныя старонкі

творы/янка-купала/янка-купала-сірочая-доля.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki