творы:янка-купала:янка-купала-зімовая-ноч
Янка Купала — Зімовая ноч
Каля зоркі зорка
Уніз глядзіць, мігціць;
Каля горкі горка
Снегам зіхаціць.
На гасцінцы скрогат,
На прысадах інь,
Чутна воўчы рогат…
Глуш, дзе вокам кінь.
Цягнецца каняжка,
Сані – за канём;
Янка пад сярмяжкай
На санях клубком.
Сіверна, марозна,
Забірае дрож,
Пырхае трывожна,
Толькі жыў гнядош.
Неба залаціцца,
Пад санямі шум;
Многа Янцы сніцца
Ў гэту ночку дум…
Аб спакойнай вёсцы,
Аб кутку сваім,
Аб вясне, аб сонцы,
Аб жыцці другім.
Міла ў думках брэдзе,
Цешыцца праз сон,
Але ці даедзе?
Ці даедзе ён?..
1909
Падобныя старонкі
творы/янка-купала/янка-купала-зімовая-ноч.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin