Янка Журба — Пчолка

Веснавое сонца
Росы падбірае.
Вылецела ў поле
Пчолка залатая.

Ёй за шчырай працай
Весела на полі:
Луг прыбраны ў кветкі
I наўкол раздолле.

З рання да змяркання
Пчолка залатая
Лётае па кветках
Ды мядок збірае.

Шмат сабрала пчолка
Мёду з розных кветак, —
Дома ім пакорміць
Родных пчолак-дзетак.

У вуллі работа
Цэлы дзень кіпела.
Вечарам з дабычай
Пчолка прыляцела.

1922

Падобныя старонкі