Янка Журба — Голас з вёскі

Я чую, як цяжка тут люд уздыхае,

Як скаргі свае падае.

На лепшых людзей гэта ён пазірае,

Змаганнікаў шчырых заве:


«Мы жджом вас: прыйдзіце ў цёмную вёску,

Падайце руку нам сваю.

Хай згіне тут цемра, хай сонца прагляне

Ў закінутым нашым краю.


Нам, горам прыціснутым, доўгія годы

Прыйшлося маўчаць і цярпець,

Цярпець прыгнячэнне, і здзек, і нягоды,

Ў нудзе і у цемры марнець.


Ўжо досыць, – мы доўга цярпелі, маўчалі,

Узнімем галовы смялей!

Прыйшоў час змагацца за лепшую долю,

Каб стала жыццё нам вальней.


Змаганнем здабудзем і волю, і долю,

З’яднаўшыся ў краі шчыльней.

Здалеем тады цемнату і нядолю,

І сонца нам блісне ясней».


1913


Крыніца: Журба Я. Роднае: Лірыка. – Мн.: Маст. літ., 1980. – 144 с.

Падобныя старонкі