Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:якуб-колас:якуб-колас-пан-і-рэчка

Якуб Колас — Пан і рэчка

Калі проці рабіць будзеш
I зачэпіш закон божы,
Між людзямі ты нягожы,
Сам сабе ты напаскудзіш.

Быў праціўны пан на свеце:
Як упрэцца ён у чым,
Хоць сто баб туды зганеце,
Дык паставіць на сваім.

Ўздумаў рэчку пан спыніць,
Мужыкоў луг затапіць.

«Ой, нядобра, пане, робіш!
Ці ж у пана нос прыбудзе,
Як мужык без хлеба будзе,
Як дабро яго затопіш?

Ды й то, пане: чалавеку
Трудна рэчку утрымаць,
Ёй ужо бог сказаў адвеку,
Дзе ваду сваю зліваць.

I цячэ яна як знае,
Няхай пан ёй не мяшае!»
Не паслухаў: склікаў ўсіх ён батракоў,
Наваліў у рэчку дроў,
Зрабіў хатку, і не знайся,

I пайшоў сабе ён спаць.
Пане, пане! прачынайся:
Стаў дождж хатку размываць!
Як усталі ўночы хмары!

Дождж, маланка, навальніца!
Бегаў пан, як на пажары,
I на хатку сеў, дурніца!
Аж народ з яго смяецца.

А вада калі напрэцца!
Зашумела, загуляла
I, як бура, загула, –
Хатку з панам разламала,
К чорту пана панясла!

Падобныя старонкі

творы/якуб-колас/якуб-колас-пан-і-рэчка.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 14:31 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki