Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:якуб-колас:якуб-колас-не-бядуй

Якуб Колас — Не бядуй!

Не бядуй, што сонца нізка,
Што прыходзіць нудны дзень,
Не бядуй, што восень блізка
І на дол кладзецца цень.

Не бядуй, што снег халодны
Скрые землю ад вачэй:
Не загіне край твой родны
У тэй цемені начэй!

Будзе час, і снег растане,
Прыйдзе зноў да нас вясна,
Ветла з неба сонца гляне,
Ачуняе старана.

Не бядуй, што цяжка стала
Жыць у вечнай цемнаце,
Што нас доля вечна гнала,
Што жывём у беднаце.

Не бядуй, што звіслі хмары,
Што нам сонца не відаць,
Не бядуй, што ўноч пажары
Сталі неба заліваць, –

Дымам пойдзе ўсё ліхое,
Усё, што душыць нас і гне.
Вер, брат, – жыцце залатое
Будзе ў нашай старане.

1907

Падобныя старонкі

творы/якуб-колас/якуб-колас-не-бядуй.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki