Якуб Колас — На полі вясною

Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Ржаных каласоў

І вузкія стужкі
Сялянскіх палос –
Люблю цябе, поле,
Люблю я твой плёс!

Ігрушы старыя,
Што ў жыце шумяць,
Зялёныя межы,
Далёкую гладзь.

Люблю я дарогі,
Што леглі між гор,
Ўнізе пад гарою
Ручча разгавор.

Люблю я узгоркі,
І насып-курган,
І сіняй далечы
Празрысты туман…

Люблю пазіраць я
На поле вясной,
Як ветрык жартліва
Плыве збажыной.

Калышацца жыта,
Радамі бяжыць,
А хваля паветра
Дрыжыць і дрыжыць…

Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Буйных каласоў.

1908

Падобныя старонкі