творы:якуб-колас:якуб-колас-на-лузе
Якуб Колас — На лузе
Добра ў лузе ў час палудны!
Лёгка там дыхнуць!
Хмаркі белыя марудна
За лясы плывуць.
Ветрык краскі чуць калыша,
Травы шалясцяць,
Луг зялёны жыццем дыша –
Конікі трашчаць.
Ў лозах шчэбет не сціхае,
Шум стаіць і свіст,
Ў яркім бляску спачывае
На ракіце ліст.
Спевам-гоманам і звонам
Поўніцца ўвесь луг,
І дрыжыць над ім, зялёным,
Жыватворчы дух.
1910
Падобныя старонкі
творы/якуб-колас/якуб-колас-на-лузе.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin