творы:якуб-колас:якуб-колас-кузуркі-розныя-і-мушкі
Якуб Колас — Кузуркі розныя і мушкі...
Ўгары над хвойнікам зялёным
Снуюцца пчолкі з ціхім звонам,
Кузуркі розныя і мушкі
Свае спраўляюць гулі-гушкі
І так танюсенька гудуць,
Што ледзьве-ледзьве можна ўчуць.
А на прагалінах на голых
Гулянне конікаў вясёлых.
І толькі ступіш там нагою –
Так і заскачуць прад табою,
Вось так і пырснуць у надзем’е,
Як бы сявец той сыпне сем’е.
А матылькі сваім убраннем
Касуюць тут усіх дазвання
І не лятаюць – танцы правяць,
Ну, каго хочаш, зацікавяць.
Падобныя старонкі
творы/якуб-колас/якуб-колас-кузуркі-розныя-і-мушкі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin