Гэта старая версія дакумента!
Якуб Колас — Дуб
Сілачом стаіць
Дуб разложысты,
І здалёк відаць
Пышны верх яго.
А ўнізе пад ім
Нёман коціцца,
Срэбрам-стужкаю
Павіваецца.
У нагах трава
Нізка сцелецца,
А вакол ляжыць
Травяністы луг.
Ў глыб зямлі ўвайшлі
Карані яго.
Крэпка дуб стаіць,
Не варушыцца!
Так размашыста
Параскіданы
Ва ўсе стораны
Лапы крэпкія.
Комель – слуп-скала,
Дыша сілаю,
А ўгару зірнеш –
Шапка валіцца.
Дуж ты, дуб стары,
Сын вякоў сівых!
Многа бур ты знёс
На вяку сваім!
Налятаў віхор
З навальніцаю,
Ды не гнуўся ты
Перад бураю!..
Гэй ты, дуб стары,
Вартаўнік лугоў!
Аддае твой шум
Спевам-музыкай.
А пра што шуміш
І аб чым пяеш,
Пра то ведаюць
Ветры вольныя,
Што з табой вядуць
Мову сталую
Ў летні добры час
Або восенню.
Я падслухаю
Гэты шум лістоў,
А з іх гутаркі
Песня зложыцца.
1910
Падобныя старонкі
- якуб-колас/духоўнае-багацце-чалавека-ў-паэме-новая-
- якуб-колас/карціны-роднай-прыроды-ў-паэме-новая-зям
- якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака
- якуб-колас/паэма-новая-зямля-мастацкая-энцыклапедыя
- якуб-колас/творчасць-якуба-коласа