Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:якуб-колас:якуб-колас-дуб

Якуб Колас — Дуб

Сілачом стаіць
Дуб разложысты,
І здалёк відаць
Пышны верх яго.

А ўнізе пад ім
Нёман коціцца,
Срэбрам-стужкаю
Павіваецца.

У нагах трава
Нізка сцелецца,
А вакол ляжыць
Травяністы луг.

Ў глыб зямлі ўвайшлі
Карані яго.
Крэпка дуб стаіць,
Не варушыцца!

Так размашыста
Параскіданы
Ва ўсе стораны
Лапы крэпкія.

Комель – слуп-скала,
Дыша сілаю,
А ўгару зірнеш –
Шапка валіцца.

Дуж ты, дуб стары,
Сын вякоў сівых!
Многа бур ты знёс
На вяку сваім!

Налятаў віхор
З навальніцаю,
Ды не гнуўся ты
Перад бураю!..

Гэй ты, дуб стары,
Вартаўнік лугоў!
Аддае твой шум
Спевам-музыкай.

А пра што шуміш
І аб чым пяеш,
Пра то ведаюць
Ветры вольныя,

Што з табой вядуць
Мову сталую
Ў летні добры час
Або восенню.

Я падслухаю
Гэты шум лістоў,
А з іх гутаркі
Песня зложыцца.

1910

Падобныя старонкі

творы/якуб-колас/якуб-колас-дуб.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki