творы:якуб-колас:якуб-колас-голас-зямлі
Якуб Колас — Голас зямлі
Я чую голас несціханы –
Зямля мая мяне заве
І кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы ў траве.
І шум дубровы, і стогн пушчы,
І рэк усхліп, і плач крыніц,
І немы зрок балотнай тлушчы
Нясуць мне весць пра чужаніц.
Я бачу постаці тэўтонаў –
Халодны твар, звярыны від.
Не знае жалю, ні законаў
У сталь закованы капыт.
О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі,
І сілу даць у барацьбе!
Зямля мая, мая краіна!
Я чую твой прызыўны звон.
Прымі ж хоць слова твайго сына –
Не доўгі будзе твой палон.
Шумяць гняўліва твае пушчы,
Трасуцца помстаю бары,
І дзень твой хмурны змрок
расплюшчыць –
Ёсць у цябе багатыры!
31.XІІ.1941
Падобныя старонкі
творы/якуб-колас/якуб-колас-голас-зямлі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:45 — vedybeadmin