творы:эдзі-агняцвет:эдзі-агняцвет-слова-пра-маці
Эдзі Агняцвет — Слова пра маці
Раней за ўсіх яна ўстае,
пазней за ўсіх кладзецца.
Яна жыве, яна пяе, –
і дзецям лепш пяецца.
Ты рос, як цёплы каласок,
пры месяцы і зорах
Пачуеш мілае «сынок»,
хоць будзе і за сорак…
За словам «маці» ў свет пайшлі
маленства,
мара,
мова.
I мір, і мужнасць па зямлі –
жыцця твайго асновы.
Каб не тужыла па начах, –
ёй падрастай на ўцеху!
Хай будзе ў матчыных вачах
пабольш іскрынак смеху!
Ты не шкадуй ласкавых слоў
для роднай, для адзінай.
Адказвай маці на любоў –
будзь верным, добрым сынам!
Падобныя старонкі
творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-слова-пра-маці.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin