Гэта старая версія дакумента!
Эдзі Агняцвет — Конь і конік
Рыжы конь хадзіў па лузе,
Там, на волі, паміж траў,
Хтось зялёны, невялічкі,
І скакаў, і стракатаў.
Конь здзівіўся, глянуў скоса:
– Гэй, малеча,
Хто ты ёсць?
– Хто я? Конік.
Тут жыву я
І на лузе я – не госць!
– Конік? Дык няўжо калісьці
Быў я сам такім малым? –
І схіліўся конь з пяшчотай:
– Будзеш родзічам маім!
Ну а тут здзівіўся конік.
Жвавы, спрытны, як агонь,
Да асілка ён падскочыў:
– Адкажыце, хто вы?
– Конь!
Засмяяўся конік звонка:
– Вось адкуль мой добры род!
Значыць, я вялікім буду,
Падрасту за нейкі год.
Ён за хвост каню ўчапіўся
І на ўвесь трызвоніў луг,
Камарам, жукам хваліўся:
Конь – яго і брат і друг!
На сцяблінцы, як на скрыпцы,
Ён іграў, вадзіў смыком.
Верыў мой маленькі конік –
Дужым будзе ён канём.
Падобныя старонкі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-ганарысты-конь
- максім-танк/максім-танк-конь-і-леў
- янка-сіпакоў/янка-сіпакоў-конь
- кандрат-крапіва/кандрат-крапіва-саманадзейны-конь
- янка-маўр/янка-маўр-бярозавы-конь