творы:эдзі-агняцвет:эдзі-агняцвет-бульба-ў-кажушку
Эдзі Агняцвет — Бульба ў кажушку
Пасадзілі бульбіну вясною
ў цёплую вільготную зямлю.
Сонца нахілялася над ёю,
воблака паіла дажджавое,
вецер напяваў ёй: «Люлі-лю!»
Падрамала бульбіна ў зацішку,
як і сёстры меншыя яе.
Потым паднатужылася крышку –
і да сонца, ветру і хмурынак
распасцёрла парасткі свае.
Як яна запрэглася ў работу!
Сілы набіралася, расла.
Пад зямлёй яе таўсцела цела,
вопратка наверсе зелянела –
цветам светла-бэзавым цвіла.
Адкапалі бульбіну пад восень:
ну і дзіва! Важыць паўкіло.
Так ужо спрадвеку павялося:
лепей нашай бульбы беларускай
анідзе на свеце не было!
Ля кастра прыемна ёй сагрэцца –
вось ляжыць і млее на баку.
Акалі на славу падпячэцца –
на далонь шырокую кладзецца
ў рудавата-шэрым кажушку.
Падобныя старонкі
творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-бульба-ў-кажушку.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin