Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:цётка-алаіза-пашкевіч:цётка-лес

Цётка — Лес

Высокі лес, шумі-скрыпі,
Расу хавай,
Ў раку ўлівай;
Грыбы расці,
Не дай цвісці
Жалобным кветкам.

Нясі палеткам
Свой доўгі дзень,
Кладзі на пень
Ў гірлянды мох,–
Сцялі пасцель,
Каб кожны мог
Прылегч спаць.
Высокі лес, ці чуеш гром,
Як ён злуе са ўсіх старон?
Як па дуплах дрыжаць зязюлі?
Як хмара з хмарай пайшла ў гулі?
Тарахнуў гром.
Маланка паліць
На вугаль чорны ўвесь гарэх.
А во і град па голлях смаліць,
А во на злосць, а во на смех
Пярун натрое дуб разбіў.

А во пяць елак зачапіў
Круцясты віхар,
Гне іх ўдвое.
А во ў гняздо якраз абое
Упалі буслы;
Пішчаць іх дзеці.
А во нямаш куды падзеці
Кустоў маліны перад бурай.
А во і зайчык дрыжыць скурай.
На кветках пчолак град пабіў.
Пазёмкі з купін дожджык змыў.
Усё хаваецца, дрыжыць,
Усенек лес цямненькім стаў.
Па голлях шум;
У лесе штурм.
На землю сцелецца навал.

Высокі лес, гусценькі лес,
Іскрыцца бела шата.
Ў крышталях іва,
Бяроза сіва,
Ў мароз прыбрата,
Чакае свята.
Зялёна елка –
Быццам з пудэлка.
Стаіць ў дрымоце
Дубок пры плоце.
Кусток каліны
Абпёр галіны
На трухлай тоўстай борці.
Заціхлі песні
Ў лістах цярэсні.
У гнёздах пуста,
Дзе было густа
Птушак вясною.
Дзятва лясная
Да нас злятае
З цёплага краю,
Аж з-за Дунаю.
Сойка зімуе,
Цецер такуе,
Дзяцел такоча,
Сава рагоча,
Верабей ля хаты,
Смецюшок чубаты,
Ды сястра-сінічка –
Нашы вечны госці.

1905-1906

Крыніца: Цётка. Творы. – Мн.: Маст. літ., 1976. – 306 с.

Падобныя старонкі

творы/цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-лес.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki