Гэта старая версія дакумента!
Цётка — Журавель і чапля
Жылі сабе па абодвух канцах балота Журавель і Чапля.
После стала ім надта маркотна жыць, і вот уздумаў Журавель да Чаплі ў сваты ісці. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Чапляў двор.
– Як маешся, Чапля?
– Здароў, Журавель.
– Ці не пойдзеш, Чапля, за мяне замуж?
– А твае ногі доўгі, пер’е каротка; дужа ты брыдкі… Ідзі сабе, дзе быў!
Журавель перабраўся ізноў цераз балота дый прыйшоў у свой двор.
Раздумалася Чапля, што за Жураўля замуж не пайшла. «Дай, – кажа, – пайду да яго і перапрашу».
Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху, цераз бор ды ў Жураўлёў двор.
– Здароў, Журавель!
– Як маешся, Чапля?
– Вазьмі мяне замуж за сябе.
– Твая шыя доўга, і сіня, і крывая, і сама ты гарбатая; такой мне не патрэбна.
Хаця было і стыдна, аднак Чапля паплялася цераз бор назад у свой двор.
Шкода стала Жураўлю, што не ўзяў Чаплю бедную, і зноў пайшоў ён тою самаю дарогаю. Ціпяху, ліпяху, сем вярстоў па маху…
Так цэлы век свой хадзілі яны адзін да аднаго ў сваты, і так на абодвух канцах балота асталіся іх хаты.
Падобныя старонкі
- жабяня-і-чапля
- цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-мора
- максім-танк/максім-танк-журавель-і-чапля
- цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-міхаська
- першы-вылет