Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзіслаў-сыракомля:уладзіслаў-сыракомля-бусел

Уладзіслаў Сыракомля — Бусел

Зімка надходзіць, звіслі туманы,
І вецер круціць і свішча,
На небе – цёмных хмар караваны.
Бусел узняўся і, задуманы,
Паплыў павольне на ржышча.

Сеў і клякоча, падняўшы ногу,
Дый жмурыць цёмнае вока.
Пэўне, ён думку ўздумаў глыбока,
Ужо выбірацца ў дарогу.

«Добра на вырай ляцець цяплейшы,
Пабачыць дзівы ў чужбіне,
Сонца над Нілам агонь яснейшы
І думаць думку пра край тутэйшы
На піраміды вяршыне.

А толькі… толькі ведама Богу,
Чы смерць у дарозе абміну!..
Пабачу жа Нёман і азярыну?!
Сяду ж на купцы мурогу?!

Я ж тут радзіўся, гдзе гэта хатка,
Шчасця знаў дзянькі нярэдкі:
Ось тут, гдзе выган і сенажатка,
Бывала, косіць касцоў грамадка,
Клякочуць жонка і дзеткі.

Добра ж тут была!.. Цяпер не знаю,
Чы не заплачу па згубе!
Чы, прыляцеўшы вясною з выраю,
Гняздо застану на дубе!

Рад бы застацца ў гэтай старонцы,
Гдзе страх не страшыць, ні гора,
А толькі болей не грэе сонца,
Дый няма корму дзеткам ні жонцы,
Снег тут пасыпле ускора».

Так пажурыўшысь думкаю шчырай,
Бусел, узняўшысь паволі,
Паплыў па небе кудысь на вырай
Шукаць і шчасця і долі

1849 г.


Пераклад Янкі Лучыны


Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с.

Падобныя старонкі

творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-бусел.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki