Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-ягоўдзік:уладзімір-ягоўдзік-стронга

Уладзімір Ягоўдзік — Стронга

Ва ўсіх дзетак адзенне з манетак. Крылы маюць – не лятаюць. Ног няма, а не дагоніш… Што гэта за дзеткі і дзе яны жывуць? Канечне, у возеры ці рэчцы! Вывудзіш ладную плотку або ляшча, а яны срэбраныя, нібы з казачнага куфра. Упалюеш зубатага шчупака, што ўчапіўся за блясну – таксама дзіва. Ён скача зялёнай маланкай, аж у вачах рабацініць.
Але ніводзін з вадзяных жыхароў не параўнаецца хараством з прыгажуняй стронгай. Напэўна, вам не даводзілася бачыць гэтую рыбіну, бо яна не ўсюды жыве, а толькі там, дзе сцюдзёная вада і хуткая плынь. Стронга – рыбіна драпежная. Палюе на малькоў, спажывае апалонікаў, жабкаў і ракаў. Раніцай і вечарам, каб схапіць страказу ці камара, яна выскоквае з вады. Не вельмі шчодры, але ўсё-такі наедак, калі няма лепшага. А днём, калі сонечныя промні да самага дна пранізваюць ваду, стронга хаваецца пад карчы і каменне. Стаіць на месцы і не варушыцца, быццам спіць. Вось тады яе можна злавіць. Не вудай і не сеткай, а рукамі. Зразумела, без умення і спрыту не абысціся. Затое, калі пашанцуе, дакранешся да… вясёлкі!
Стронга скрозь усыпана кропелькамі – бурымі, чырвонымі, аранжавымі… І адкуль столькі колераў-адценняў? Можа, яны з вясёлкі, што пасля дажджу ўпіраецца рожкамі ў рэкі і азёры? Нездарма адну стронгавую сямейку завуць ручаёвай, а другую – вясёлкавай.

Падобныя старонкі

творы/уладзімір-ягоўдзік/уладзімір-ягоўдзік-стронга.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki