Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-караткевіч:уладзімір-караткевіч-цыганскі-кароль

Уладзімір Караткевіч — Цыганскі кароль

Патрыятызм, рамантычнае светаўспрыманне, вольны палёт фантазіі, адчуванне глыбіні, шырыні і багацця народнага жыцця сталі вызначальнымі рысамі творчасці Уладзіміра Караткевіча. Ён пісаў страсна і зацікаўлена, па-свойму глядзеў на падзеі, звяртаўся не толькі да значных, істотных, але часам і да кур'ёзных момантаў айчыннай гісторыі. Напрыклад, у гумарыстычна-сатырычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1958) закрануў факт існавання ў канцы XVIII стагоддзя на Гродзеншчыне цыганскага «каралеўства».
Матэрыялы для аповесці ўзяў з нарыса Адама Кіркора «Народнасці Літоўскага Палесся і іхняе жыццё», змешчанага ў трэцім томе «Живописной России» за 1882 год, і напоўніў іх рэаліямі тагачаснага жыцця, смешным і гарэзлівымі, пацешнымі і трагічнымі, вясёлымі і сумнымі. Сакавітымі, у духу «фламандскай школы», фарбамі малюе стравы і гулянкі ў «палацы» Якуба Знамяроўскага, каларытна, у гумарыстычна-гратэскавым плане, падае сцэны адной «з самых славутых войнаў, якія вёў кароль Яку б Першы».
Пісьменнік не толькі з'едліва характарызуе цыганскае «каралеўства», выкрывае недарэчную сістэму дзяржаўнага кіравання, але і разважае пра гістарычны лёс Беларусі, закранае істотныя пытанні сацыяльна-грамадскага і нацыянальнага быцця. Паказальныя ў гэтым выпадку словы медыкуса: «Не краіна, а плод шалёнай фантазіі бога… Не грамада, а авечы статак. Вось прыпомні мае словы: яшчэ і новае стагоддзе не настане, а гэтая гнілая дзяржава знікне з зямлі… I хоць бы дзе агеньчык! Па ўсёй зямлі маўчыць хлоп». Медыкус — гэта alter ego аўтара. Ягоныя выказванні прасякнуты трывогай і болем за родны край, напоўнены шматзначным сэнсам: «На нашай зямлі дрэнна жывецца вучоным, асабліва калі яны беларусы», «мы — гной пад нагамі чужынцаў».
Медыкус асуджае рэнегацтва шляхты, лічыць, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты. I разам з тым кажа пра веліч свайго народа, верыць у яго вызваленне, у яго духоўныя і стваральныя сілы.

Падобныя старонкі

творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-цыганскі-кароль.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki