Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:уладзімір-караткевіч:уладзімір-караткевіч-дрэва-вечнасці

Уладзімір Караткевіч — Дрэва вечнасці

У прозе Уладзіміра Караткевіча выразна выяўляюцца прыкметы паэтыкі рамантызму асабліва тады, калі спакойнае, аб'ектывізаванае апавяданне змяняецца пранікнёным страсным пачуццём, калі на ўсю моц раскрываецца лірычны талент мастака. А лірычнае, суб'ектыўнае найчасцей увасабляецца ў выключным, значным, рамантычным. Пафасам захаплення, радасцю жыцця прасякнута апавяданне «Дрэва вечнасці» (1966), асабліва старонкі, прысвечаныя Палессю і палешукам: «Палессе! Ты ўсё — бясконцая і вечная паэма. Кожная лясная рэчка твая — драмлівы рэчытатыў ліры. Кожнае тваё ўрочышча — урачысты хор магутных галасоў. Кожнае дрэва тваё — Песня Песняў. Кожная галіна пад ветрам — неўміручы радок. I кожны свепет на дзічках тваіх — ода гэтаму вялікаму небу, на якім зараз ласкавыя і чыстыя адценні вечара».
Гэтыя радкі гучаць як натхнёная і ўрачыстая паэма. Пісьменнік захапляецца гармоніяй, чароўнай адметнасцю і нестарэючай веліччу палескіх песень, выключным і непаўторным майстэрствам іх выканаўцаў. Ён зачараваны палескімі краявідамі. Узвышана-рамантызавана малюецца і «дуб Крывашапкі», Вечнае Дрэва: «Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат».
Падкрэсліваючы выключнасць дрэва, пісьменнік так яго характарызуе: «вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін», «вышэйшы за ўсё на зямлі», «ён толькі ля верхавіны шырыў недзе ў саміх нябёсах магутныя свае лапы». I вось такое канкрэтна-індывідуалізаванае і адначасова рамантычнаабагульненае апісанне чаруе сваёй гармоніяй і дасканаласцю. Ёсць у гэтым урыўку і гіпербалізаваная вобразнасць, і рытмічная зладжанасць, і інверсійны лад мовы, і пранікнёнае пачуццё.
Сваёй вечнасцю і неўміручасцю гэтае дрэва паяднала часы — мінуўшчыну і сучаснасць. Яно было сведкам многіх падзей з нашай гісторыі. «Крый божа, — зазначае пісьменнік, — стаць яму сведкам вайны атамнай, сведкам канца чалавецтва і сваёй смерці разам з ім».
Творчасць Уладзіміра Караткевіча напоўнена драматычным зместам, што абумоўлена трывожным і балючым роздумам мастака над лёсам як асобнага чалавека, роднага народа і ўвогуле чалавецтва, так і душэўным разладам, што часцей за ўсё ўласціва творцам рамантычнага тыпу мыслення, разладам паміж думкай і эмоцыяй, рэальнасцю і ідэалам. Але разам з тым яго творчасць надзіва жыццесцвярджальная. I пісьменнік верыць, што Дрэва Вечнасці не можа загінуць. «Гэтага не павінна быць. Гэтага не будзе, — пераканаўча сцвярджае мастак. — Залог гэтага — мудрыя чалавечыя вочы, чорныя рукі і апошні водсвет захаду на вяршыні Дрэва Вечнасці».
Вось яна, тая прага ідэалу, вера ў несмяротнасць чалавека і прыроды, што ахоплівала сэрцы і душы многіх рамантыкаў. I вось тое захапленне светам, што так уласціва Уладзіміру Караткевічу.

Падобныя старонкі

творы/уладзімір-караткевіч/уладзімір-караткевіч-дрэва-вечнасці.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki