Гэта старая версія дакумента!
Уладзімір Жылка — Наш лёс, бы кат з рукой забойнай...
Наш лёс, бы кат з рукой забойнай.
Бязлітасней рука каго?
Ды ўмее вой адзін спакойна,
Без роспачы прыняць яго.
І ўмее вой цвёрдакаленна
Ўстаяць перад навалай злой
І ўсё губляючы, нязменна,
Данесці абавязак свой.
Губляць жа болей немагчыма
І зносіць болей немага:
Народ, Свабода і Радзіма, –
На ўсё прыйшла адна чарга.
Найдаражэйшае, святое –
Ўсё, чым натхнялася душа,
Чужою збэшчана рукою,
Сваволяй скута палаша.
Але пад лобам хмурым гэтым,
У гэтай думнай галаве
Імкненне да апошняй мэты
Непераможнае жыве.
Непераможнай волі шалам,
Перамагаючым і лёс,
Звініць душа з былым запалам,
Звініць без сумніву і слёз.
І покі пруткі шчэ цягніцы,
І покі ў жылах точыць кроў, –
Ніхто не ўбачыць голаў ніцы,
Пакорлівых не ўчуе слоў.
І покі сэрца поўна гневам,
І гнеў драпежней крумкача, –
Вітаю бой ваяцкім спевам
І звонам вострага мяча.
Калі ж нараз ад лучнай раны
Звалюся, сходзячы крывёй,
І вораг, перамогай п’яны,
Накпіць нягожа нада мной, –
Я і тады здалею гарда
Стрымаць гадзін апошніх золь,
Мая нянавісць і пагарда
Не ўдасць, не здрадзіць люты боль.
1925
Падобныя старонкі
- скарбы-нашай-радзімы
- алесь-бачыла/алесь-бачыла-радзіма-мая-дарагая
- янка-купала/тэма-народнага-жыцця-і-любоў-да-радзімы-
- цётка-алаіза-пашкевіч/цётка-хрэст-на-свабоду
- алесь-разанаў/алесь-разанаў-радзіма