Гэта старая версія дакумента!
Уладзімір Дубоўка — Голас партызана
Зарос курган густой травой.
Над ім няспынны шум дубоў.
Знайшлі тут вечны супакой
і я, і шэсць маіх сяброў.
Кароткі мелі мы загад:
— Стаяць, каб вораг не прайшоў!
Не адступілі мы назад —
ні я, ні шэсць маіх сяброў.
Як бліскавіцы з навальніц,
гарэлі тут агні агнёў.
А мы знішчалі чужаніц —
і я, і шэсць маіх сяброў.
Наш партызанскі ўвесь атрад
дакончыць ворага прыйшоў.
Не сталі толькі з імі ў рад
ні я, ні шэсць маіх сяброў.
Хоць мы ляжалі далавах,
хоць не маглі мы стаць ізноў, —
сціскалі зброю мы ў руках —
і я, і шэсць маіх сяброў.
Са зброяй гэтай баявой
нас пахавалі ля дубоў.
Знайшлі тут вечны супакой
і я, і шэсць маіх сяброў.
Калі айчына клікне вас,
не дайце ворагу шляхоў,
як не давалі мы ў той час —
і я, і шэсць маіх сяброў…
Падобныя старонкі
- уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-як-сінячок-да-сонца-лё
- партызан-міша-сільніцкі
- уладзімір-дубоўка
- мікола-гіль/мікола-гіль-партызанскі-фотаздымак
- момант-ляснога-жыцця