Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-ідзе-купала-па-зямлі

Сяргей Грахоўскі — Ідзе Купала па зямлі

Белаю чаромхавай завеяй
Зноў пялёсткі бераг замялі,
Зноў у полі жыта палавее,
І Купала ходзіць па зямлі.

Ходзіць па снягах і па расе,
Заначуе ў полі або ў хаце –
Ён такую спадчыну нясе,
Што не можна ні забыць, ні страціць.
Зноў Купала ходзіць па зямлі –
Па Маскве, Казані і Палессі,
То ляціць у зорным караблі,
То шукае папараць на ўзлессі.

А над полем звоняць жаўрукі,
Б’юцца ў бераг сонечныя хвалі,
І плывуць у белы свет вянкі,
Што сплялі дзяўчаты на купалле.
Спадчына – адзіны запавет,
Спадчына – усіх асноў аснова,
І нясе цераз вякі паэт
Матчына няскоранае слова.

Арляняты крылы апяклі,
Да сузор’яў іх лятаюць дзеці.
І Купала ходзіць па зямлі,
Каб яшчэ святлей было па свеце.

1979



Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 2. Вершы, паэмы, казкі, пераклады. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 414с.

Падобныя старонкі

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-ідзе-купала-па-зямлі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki