Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-размова-з-маці

Сяргей Грахоўскі — Размова з маці

Я ўсё шукаю матчыну магілу
I не магу знайсці пасля вайны.
Дзе бэз буяў і крыж стаяў пахілы,
Сівыя адцвітаюць палыны.

На могільніку – бомбавыя ямы,
На соснах – абламаныя сукі,
Крышылі іх і «юнкерсы», і «рамы»
I ў чорных павуках штурмавікі.

Цяпер спакой і ціша на пагосце.
У добрую асеннюю пару
Прыходжу я сюды, нібыта ў госці,
I да змяркання з маці гавару.

Яна у памяці маёй жыве заўсёды,
Яна – ў крыві, у сэрцы і ў душы;
Здаецца, проса поле ў непагоду,
То месіць хлеб на досвітку ў дзяжы

То абувае лапці на узмежку,
То ціхенька ўздыхае па начах,
I радасці, і гора, і усмешку
Я пазнаю ў зажураных вачах.

Яна мяне люляла і лячыла,
Збірала зёлкі, травы і кару,
Яна мяне з маленства навучыла
Так гаварыць, як сёння гавару.

Такою ў памяці і асталася маці,
Калі ішла сцяжынкай за сяло,
Калі збірала збожжа да зярняці,
Каб кожнае сцяблінкай узышло.

Напэўна, ў жыце, што шуміць сягоння
I зіхаціць іскрынкамі расы,
Згінаюцца, калышуцца, гамоняць
З яе зярнят жывыя каласы.

Ты чуеш, маці, вось твае унукі;
З маленства ім цябе недастае;
Здаецца мне, што ў іх такія рукі
I валасы, і вочы, як твае.

Тваім унукам свет увесь адкрыты,
I сняцца ім сягоння нездарма
Далёкія блакітныя арбіты.
Жыццё ідзе.
Жыццю канца няма.

1964 г.

Падобныя старонкі

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-размова-з-маці.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki