творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-на-схіле-дня
Гэта старая версія дакумента!
Сяргей Грахоўскі — На схіле дня
Ліловым дымам сцелюцца па ўзгорках
I шапацяць таемна верасы,
Мільгаюць у арэшніку вавёркі,
На дол сцякаюць кропелькі расы,
Сівы туман курыцца над лугамі,
Дзяўбе далёкі дзяцел цішыню,
Буслы плывуць шырокімі кругамі
I плаўна набіраюць вышыню.
На хвоі дагарэў вішнёвы промень,
I небасхіл паволі дагарыць,
Рабіна ледзь трымаецца на строме
I золатам, і полымем гарыць.
Далёкі пах бярозавага дыму
I развітальны голас журавоў
Мяне заўсёды клічуць на радзіму,
I я
спяшаюся дамоў.
Падобныя старонкі
творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-на-схіле-дня.1755963870.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin