Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-маці-не-спіць

Сяргей Грахоўскі — Маці не спіць

Двое дзяцей – двое вачэй,
Маці не знае спакойных начэй:
Вейкі зліпаюцца,
Раніца блізка,
Ціха плыве
У світанне калыска.
Маці не спіць. Маці не спіць.
Просяць засмяглыя вусны папіць
Тупае босая маці
З ранку да ранку па хаце.

Дзеці трызняць у адзёры –
Матчыны слёзы,
Матчына гора.
Свету не бачыць, нібыта сляпая,
Ценем самотным нячутна ступае
Маці з тугой і надзеяй,
Сэрца і кроў халадзее.
Дзеці пабеглі зялёнаю сцежкай,
І засвяціліся вочы усмешкай –
Першая радасць у маці,
Першае свята на свяце.

Выраслі дзеці,
Пайшлі у дарогу,
Зноў запяклася на сэрцы трывога:
Дзе мае дзеці?
Як мае дзеці?
Хоць бы не крыўдзілі людзі па свеце.
Дзе яны спалі?
Што яны елі?
Як дачакацца наступнай нядзелі?
Тупае маці з сянец у камору:
Хоць бы адведаць прыехаў каторы!
Хукае ў шыбу, глядзіць у завею –
Маці чакае,
Маці сівее.

Хрусне з марозу за хатай прысада,
Маці здаецца – гудзе кананада.
А паштальёнка пастукае ў раму,
Страшна адразу узяць тэлеграму:
Што ў ёй?
Няшчасце?
Бяда?
Ці трывога?..
…Сын прыязджае з далёкай дарогі!

З раніцы тупае маці –
Радасць і свята на свяце.
Двое дзяцей – двое вачэй.
Многа яшчэ неспакойных начэй
Будзе у маці.



Крыніца: Грахоўскі, С. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы [Аўт. прадм. В. Вітка]. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. – 382с.

Падобныя старонкі

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-маці-не-спіць.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki