Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-колас

Сяргей Грахоўскі — Колас

Ён узышоў на нёманскай раллі
З маленькага адборнага зярняці.
Слязьмі і потам палівала маці
Яго на поснай, не сваёй зямлі.

Ён прагна пацягнуўся да святла —
Сцяблінка ледзьве-ледзь пласты

прабіла

Ад градабою дзічка засланіла,
Ад згубы перапёлка зберагла.

Закаласеў, закрасаваў,

высока

Падняў над жытнім полем галаву:
Убачыў нашу ніву, і траву,
I сонца, і ружовыя аблокі.

У навальніцу буйныя вятры
Кацілі збожжа ўспененыя хвалі,
Але высокі колас не зламалі
I нават не сагнулі без пары.

Ён выстаяў і выспеліў зярняты,
Яму шапталі казкі васількі,
Яго віталі крыллем ветракі,
Здалёк з надзеяй пазіралі хаты.

Шумела жыта, і каціўся голас
То грозны, то пяшчотны ў цішыні,
Заходзіўся жаўрук у вышыні,
А песні жалю пеў даспелы колас.

Праз дым пажараў завітала свята
У нашыя прасторныя палі.
Вялікі Колас выспеліў зярняты —
Адвечны скарб для новае зямлі.

Падобныя старонкі

творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-колас.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki