творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-захварэла-ласяня
Сяргей Грахоўскі — Захварэла ласяня
Захварэла ласяня.
З лесу збеглася радня:
Тата, мама, бабка, дзед.
Брат, сястрычка і сусед.
Плача, енчыць ласяня:
– Мне не вытрымаць да дня:
Коле, торгае, скубе
За вушамі і на лбе,
З боку ў бок мяне вядзе,
Галава, як звон гудзе,
Жар абсыпаў галаву…
Не, да дня не дажыву.
Плача мама, плача татка,
Што загіне ласянятка.
Плачуць брат, сястра, сусед,
Але ўсіх суцешыў дзед:
– Пацярпі, дзіцятка, трошкі –
Бо прарэзваюцца рожкі.
Падобныя старонкі
творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-захварэла-ласяня.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin