творы:сяргей-грахоўскі:сяргей-грахоўскі-доўгае-рэха
Сяргей Грахоўскі — Доўгае рэха
Я адзін каля вогнішча ў полі.
Толькі іскры мігцяць і мігцяць,
То знікаюць у дыме паволі,
То да зор таямнічых ляцяць.
Я адзін. Толькі вецер трывожна
У ракітніку голым гудзе.
Можа, ў полі зблудзіў падарожны
I дарогу не знойдзе нідзе.
Я гукаю, і доўгае рэха
У асенняе поле плыве,
Замаўкае альбо на пацеху
Азываецца сумнай саве.
Я адзін каля вогнішча ноччу.
Толькі ўласны гайдаецца цень.
Я на зоры гляджу і прарочу
Ясны ранак і сонечны дзень.
1988
Падобныя старонкі
творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-доўгае-рэха.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:58 — vedybeadmin