Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-ігнаценка:рыгор-ігнаценка-цецерукі-на-бярозах

Рыгор Ігнаценка — Цецерукі на бярозах

Па дарозе ўздоўж лесу едуць сані. Канём кіруе старэнькі дзядок.
Побач з ім сядзіць хлопчык. Раптам ён, зацікаўлены, аж падаецца наперад, ажыўляецца:
– Дзядуля, што гэта за птушкі на бярозах сядзяць?
– Цецерукі, унучак.
– А чаму іх ніхто не паловіць, такіх прыгожых?
– Гэта, унучак, надзвычай асцярожныя птушкі, – тлумачыць дзед. – Нашто ўжо ястраб добры лятун, а і той не можа цецерукоў у палёце дагнаць.
– А што яны робяць на дрэвах?
– Кормяцца.
– Чым?
– Бярозавымі пупышкамі. Калі няма нічога лепшага, то і гэтаму рад будзеш.
– А дзе яны хаваюцца, як ноч прыйдзе?
– У снезе, унучак.
– У снезе?! – здзіўляецца хлопчык, не разумеючы, як можна спаць у снезе.
– Надвячоркам апусцяцца чародкай дзе-небудзь на лясной палянцы, закапаюцца ў пульхны снег дый паснуць.
– І не холадна ім?
– Лепей, чым на голым суку, на марозе. Зацішней як-ніяк.
Хлопчык з цікавасцю ўглядаецца ў цецерукоў на белых бярозах. Што за прыгожыя птушкі! Самі чорныя, бы той вугаль, бровы чырвоныя. На крылах быццам люстэркі срэбныя блішчаць.
Вось яны пачулі гамонку і з шумам сарваліся з бяроз. Вялікія, зграбныя, таропка ляцяць над белым полем. А хлопчык як зачараваны глядзіць ім услед.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-ігнаценка/рыгор-ігнаценка-цецерукі-на-бярозах.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 16:04 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki