Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-ігнаценка:карабель-вясны:развітальная-песня

Развітальная песня

Чырвоным пажарам рабін гарыць асенні дзень. У лесе няма аніякага ветрыку, а аслаблае лісце зрываецца з дрэў і, павольна кружачыся ў паветры, бясшумна кладзецца долу. З мяккай журбой я любуюся гэтым залатым дажджом восені.
Паблізу села на дрэва чародка птушак. Адразу я палічыў іх за драздоў, але калі прыгледзеўся ўважліва, то пазнаў лясных жаваранкаў.
Нейкі час птушкі сядзелі нерухома, відаць, адпачывалі. Потым адна з іх схамянулася, узбегла таропка па галінках на самую макаўку чырвонай рабіны, узмахнула крыльцамі і ўзнялася ў паветра. Набіраючы кругамі вышыню, птушка заспявала. Нядоўга прымусілі сябе чакаць і яе сяброўкі. Адны з іх спявалі седзячы на галінках, іншыя ж, відаць, больш заўзятыя, узляцелі.
Лясныя жаваранкі – цудоўныя спевакі! Па прыгажосці сваёй песні яны могуць паспрачацца з такімі сусветна прызнанымі салістамі, як шпак, дрозд і нават салавей.
Многа разоў мне даводзілася слухаць лясных жаваранкаў, але на гэты раз я чамусьці не пазнаў іх песні. Столькі ў ёй было журбы і смутку. I куды толькі, думалася, падзелася ўласцівая для іх жыцця радаснасць?
I ўсё ж гэтая асенняя песня была па-свойму цудоўнай. Яна нібы дапаўняла пануючы ў прыродзе роздум і спакой.
Доўга слухаў я птушак. Дамоў пайшоў у радасным настроі – быццам з добрым прыяцелем сустрэўся.
На наступны дзень я зноў пайшоў у лес птушак паслухаць. Абышоў увесь гаёк, агледзеў кожнае дрэва, але лясных жаваранкаў так і не пачуў. Прыйшоў я ў лес і на трэці дзень, і на чацвёрты, але ўсё дарэмна, птушак не было. I здагадаўся я, што паляцелі лясныя жаваранкі на поўдзень, што той песняй яны развітваліся з роднымі мясцінамі, дзе нарадзіліся і ўпершыню ў паветра падняліся, дзе адчулі сілу і моц сваіх крылаў.
Давялося адкласці сустрэчу да вясны.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-ігнаценка/карабель-вясны/развітальная-песня.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki