Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-ігнаценка:карабель-вясны:першы-раўчук

Першы раўчук

У глыбіні заваленага снегам лесу яшчэ ўладарыць зіма. А тут, на ўзлессі, яе перамагло ужо сонца.
Каля магутнага дуба, што велічна стаіць на пагорку, бруіцца раўчук. Хоць яшчэ зусім маленькі і нясмелы.
Празрысты струмень вады, які выбіваецца аднекуль з-пад белай падушкі халоднага снегу, таропка перакочваецца цераз гарбаты корань дрэва, срабрыстай змейкай паблісквае на яркім сакавіцкім сонцы і таропка падае ў равок пад дубам.
Тонкія галінкі арэшніку, на якія трапляла вада, пакрыліся на марозе празрыстым лёдам. Яны зябка трымцяць, б’юцца адна аб адну. I каля дуба чуваць ледзьве ўлоўны для слыху тонкі крыштальны звон: дзінь-лінь, дзінь-лінь…
Першай гэта мілагучнае пазвоньванне пачула жаўтагрудая сініца. Яна села на суседнюю галінку і, гулліва пазіраючы па баках, весела заспявала:
– Вінь-цюнь-цінь! Вінь-цюнь-цінь!..
На сваёй птушынай мове яна паведамляла аб тым, што вось тут, менавіта пад гэтым волатам-дубам, парадзілася вясна.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-ігнаценка/карабель-вясны/першы-раўчук.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki