Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-ігнаценка:карабель-вясны:зялёныя-сцягі

Зялёныя сцягі

Снег растаў, але зеляніны яшчэ няма. Голыя дрэвы, голыя хмызнякі, голая зямля. У лесе шэра, аднастайна. Толькі не маркотна, як гэта бывае восенню.
Вось таропка пераляцеў сонечную палянку жоўты матылёк-крушыннік. Мільгануў стракатым шматком паміж чорных ствалоў і знік.
А вось на сухі асінавы пянёк крапіўнік сеў – маленькая рыжая птушачка. Узняў угору куртаты хвосцік і давай у горле срэбныя шарыкі перакочваць.
Над затопленым вадою балотцам баранчык «траву сее».
– Бэ-э-э! Бэ-э-э! – чуецца яго радасная вясновая песня.
Чырванагрудая берасцянка весела спявае на макаўцы пабурэлай бярозы, попаўзень тонка свішча на сухастоіне. Турок дзесьці ў бары буркуе:
– Бу-бу! Бу-бу!
Над лужынай талай вады баязліва дрыжаць пушыстыя коцікі вярбы. I ўжо чэрціць, чэрціць сінюю роўнядзь павук-вадамер.
На ўзлессі вясковая жывёла пасвіцца, якую выгналі на першую размінку пасля доўгай зімы. Сіні дым ад вогнішча, што расклалі пастушкі, ціха плавае між голых кустоў і дрэў. У паветры тонка пахне гаркаватасцю альховых дроў і смажанага сала.
Зіма пераможана. Не сёння-заўтра вясна развесіць на дрэвах і хмызняках свае пераможныя зялёныя сцягі.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-ігнаценка/карабель-вясны/зялёныя-сцягі.txt · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki