Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:рыгор-крушына:рыгор-крушына-элегія

Гэта старая версія дакумента!


Рыгор Крушына — Элегія

Бываюць, крый Божа, благія настроі…
Нацягнуцца струны на смутак і боль:
Заплача прырода, заплачуць героі,
У аўтара згубіцца строгі кантроль.

Героі праходзяць тады непрыкметна,
Няма ў іх аблічча, прыгожай хады.
У творы лірычны радок непрыветна
Душу закране адгалоскам нуды.

Людзкая душа не заўсёды спявае,
Пустым застаецца паперы лісток.
А дзе-ж ты, нататка мая чарнавая?
Я чую апошні сігнальны свісток.

З газетнае хронікі злыя навіны:
Піраты ў паветры… Паўстанні… Разбой…
Ці можна смяяцца ў такія хвіліны?
Ці горкі настрой адпадзе сам сабой?

Я ў смутку нямею на гэткім пытанні:
– Чаму часта плодзіцца зло на зямлі,
А людзі маўчаць у душэўным хістанні, –
Насупраць нічога зрабіць не змаглі.

Падобныя старонкі

творы/рыгор-крушына/рыгор-крушына-элегія.1755963867.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:44 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki