Рыгор Крушына — Тэрцыны

Я п'ю рамонкавы настой
З дамешкаю тваіх усмешак.
Хіба я ў марнасці пустой?

Сны – попел згаслых галавешак?
Няўжо, як той стары Тарас,
Пакінуў родны свой застрэшак

I ўзлез на сонечны Парнас?
Там добры лад, а ёсць заганы…
Цябе згадаю я ці раз.

Я прывітаю дзень чаканы,
Калі спаткаю позірк твой
З усмешкай цёплай, край каханы.

Я п'ю рамонкавы настой.

Падобныя старонкі