Рыгор Барадулін — Мы людзі такія

Ад торбы да кія
Кароткая сцежка.
Мы людзі такія –
Нас грэе суцешка.

Сваё не баронім,
Не прагнем чужога.
І ў граі вароннім
Узгадваем Бога.

Блукаем аблудна,
Ганьбуем Радзіму.
Нас вэндзяць марудна –
Мы ўдзячныя дыму.

Выгнанец-тужынец
Прачнецца ў застудзе.
Нас хваліць чужынец:
Рахманыя людзі!

Апроч дамавіны
Хапае спакусы.
Мы выжыць павінны,
Бо мы – Беларусы!

Падобныя старонкі